У чым наша ідэя?
Ідэя нашага праекта вельмі простая – рабіць, збіраць і распаўсюджваць электронныя версіі беларускіх кніг і стаць найлепшай пасрэдніцкай пляцоўкай паміж аўтарам і чытачом у інтэрнэце. У свеце ёсць рынак электронных кніг — але беларускія кнігі арганізавана і легальна на ім не прадстаўлены.
У чым нашы асаблівасці?
Мы робім стаўку на актыўнае прасоўванне беларускіх кніг у інтэрнэце і ствараем універсальны партал для знаёмства з найлепшай беларускай літаратурай. Дзякуючы сучаснаму дызайну і зручнаму інтэрфейсу вы з лёгкасцю можаце набыць кнігі, якія вам спадабаліся, і ўжо праз імгненне чытаць іх на сваіх мабільных прыладах альбо кампутарах.
Як гэта працуе?
На сваім сайце мы знаёмім вас з цікавымі кнігамі, распавядаем пра навінкі і бестсэлеры, парадкуем па жанрах і рэйтынгах. Вы выбіраеце, што вам спадабалася, і з дапамогай самай звычайнай банкаўскай карткі, сістэмы ЕРИП ці электроннага кашальку плаціце за кнігу. Праз хвіліну вы ўжо маеце магчымасць спампаваць яе на свой гаджэт і атрымліваць асалоду ад чытання.
"Сярэдні кошт электроннай кнігі – 3-4 рублі. За філіжанку кавы ў некаторых кавярнях просяць больш. Але гэта дастатковая сума, каб чалавек зрабіў матываваны выбар і з павагай ставіўся да кнігі."
Чаму мы бярэм грошы за кнігі?
Бо за кніжкі трэба плаціць. Заплачаныя вамі грошы ідуць аўтару, які стварае твор, і на падтрымку нашага праекта, які дазваляе данесці электронную кнігу ад аўтара да вас – чытача. Так прынята ва ўсім цывілізаваным свеце. Калі вы заходзіце ў кнігарню, вам жа не раздаюць кнігі бясплатна? Мы цвёрда верым, што час пірацтва для культурных людзей зышоў у нябыт…
"Сакрэт папулярнасці кнігі – не ў тым, бясплатная яна ці не, а ў таленце аўтара і яго тэкстаў."
Мы заахвочваем аўтараў
Аўтары, якія ўжо паспелі выдаць папяровую кнігу, могуць зрабіць у нас яе электронную версію. А новых аўтараў запрашаем адразу зрабіць у нас электронную кнігу. Гэта нашмат танней, чым друкаваць папяровае выданне.
Мы сапраўды плацім ганарары
Мы працуем цалкам легальна па беларускіх законах і на прынцыпах міжнароднага аўтарскага права. Таму мы плацім праваўладальнікам канкрэтна вызначаны ганарар за кожную прададзеную электронную копію кнігі.
Мы - супраць пірацкага распаўсюджвання
Творчасць пісьменніка ці паэта - гэта складаная праца, у аснове якой ляжыць арыгінальны талент. Не кожны можа напісаць цікавую і добрую кнігу. Таму "пірацкія" раздачы кніг без дазволу з боку аўтара - гэта па меншай меры непрыгожае і непаважлівае стаўленне да пісьменніцкай працы.
Мы ўпэўненыя ў поспеху
Мы сапраўды лічым, што за электроннымі кнігамі, якія можна чытаць на разнастайных мабільных прыладах, ляжыць будучыня. І мы вельмі хочам, каб дзякуючы новым тэхналогіям цікавая беларуская кніга дайшла да як мага шырэйшай аўдыторыі па ўсім свеце. Галоўнае, каб у вас быў інтэрнэт.
Нашы кантакты:
Тэл. +375 (17) 293-07-62; (029) 120-76-00
электронная пошта: ekniharnia@gmail.com